Агульнае аб пахаванні

Няма такога народу, няма такой сям’і, каго б не закранула смерць блізкіх.

З адыходам у вечнасць, смерцю бацькоў ці дзяцей, блізкага чалавека, у адно імгненне многае змяняецца ў жыцці чалавека, сям’і, родзічаў.
У такія хвіліны самыя блізкія памерлай асобы адчуваюць дотык вечнасці, сапраўды паважныя хвіліны: роздум над кароткім, няпэўным і часовым зямным жыцці. Часовым, бо тут на зямлі жыве чалавек да часу, а там вечнасць. Таму, стоячы ля труны дарагога чалавека, які назаўсёды пакінуў зямное, часовае жыццё, воляй – няволяю накіроўваем нашы думкі за памерлым у вечнасць, да Бога, а туды можна ўвайсці толькі з жывою вераю і малітваю, каб дапамагчы  душы  памерлага.
Вялікі боль і смутак разрывае душу, сэрца, але памерлага назад не вернеш, а душы яго дапамагчы можаш малітваю і добрымі ўчынкамі, Святой Імшой, падчас якой узгадваюцца імёны і тваіх родных памерлых.       
Трэба паспавядацца ў інтэнцыі памерлага, узбудзіць шчыры жаль за свае грахі і грахі памерлай асобы, перапрасіць Добрага Бога і прыняць Святую Камунію ў гэтай інтэнцыі.
Глыбока веруючы і любячы Бога чалавек не мае вялікага страху перад смерцю і рыхтуецца не да смерці, а на сустрэчу з Богам, з Усімі Святымі, роднымі і шчаслівай вечнасцю. Склікае дзяцей, родзічаў, суседзяў перапрашае іх, просіць аб малітве, настаўляе дзяцей, блізкіх.
Просіць дзяцей ці родных выканаць апошнюю просьбу.
Аб гэтым асабліва трэба памятаць дзецям і родным, бо невыкананне просьбы паміраючага – гэта цяжкі смяротны грэх, які ідзе за чалавекам праз усё жыццё яго і ў вечнасць і застаецца на дзецях і на наступных пакаленнях роду, сям,і. Дзеці і ўнукі церпяць за невыкананне апошняй просьбы паміраючага. Дарагія, не бярыце грэх на душу і сваю сям,ю, бяздумна наабяцаўшы, а пасля нічога не выконваючы. 
«Хто вызнае Мяне перад людзьмі, прызнаю і Я перад Маім Айцом, Які ёсць на Небе. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ёсць на Небе» (Мф 10, 32-33).
І тут можна з усёй упэўненасцю сказаць, што, калі пахаванне са святаром і малітваю, набажэнствам і споведдзю родзічаў, – гэта самае галоўнае для душы памерлага і толькі гэта.
НЕКАТОРЫ АГУЛЬНЫЯ ЗАЎВАГІ:
1. Ад дома да касцёла і пасля набажэнства ад касцёла на могілкі труна павінна быць заўсёды зачынена.
Нябожчыка вязуць ці нясуць у закрытай труне.
2. Родзічы і блізкія нябожчыка могуць перад уваходам у касцёл адкрыць труну і сфатаграфавацца на памяць – гэта добрая традыцыя ў людзей, каб была памятка для сям’і не толькі пра памерлага, але і пра касцёл, малітву, Бога, вечнасць, неба. Могуць запрасіць да фатаграфавання святара, каб ён быў разам з імі. Святар у капе сярод засмучаных блізкіх – гэта духоўная падтрымка і скіраванне чалавечай волі да Бога – будзь воля Твая!
3. Пасля фатаграфавання родзічы і блізкія развітваюцца з памерлым і закрываюць труну, а святар чакае ў дзвярах, каб увесці нябожчыка ў касцёл. Калі святар не пойдзе на могілкі, а малітва асвячэння (апячатвання) труны адбудзецца ў касцёле, труну адкрываць на могілках ужо нельга. Таму блізкія павінны развітацца з нябожчыкам ужо тут, каля касцёла.
4. У іншых выпадках, калі святар ідзе на могілкі разам з працэсіяй, тады людзі могуць фатаграфавацца каля нябожчыка перад касцёлам, але не развітвацца, таму што на могілках у адпаведны час святар скажа адкрыць труну і развітацца з памерлым.
5. Труну з нябожчыкам нясуць нагамі наперад і ставяць у касцёле так, каб галавою ён быў да алтара.
6.  У касцёле на набажэнстве труна павінна быць заўсёды закрытай.
7.  Родныя і блізкія кладуць кветкі каля труны, за-пальваюць свечкі, моляцца, спяваюць.
8. Калі ў парафіі ёсць традыцыя спявання экзэквій, што вельмі пажадана, арганіст з хорам і ўсімі прысутнымі людзьмі спявае Псалмы за памерлых:
9. Крыж ставіцца ў галаве магілы. Пажадана, каб усе крыжы і магілы былі звернуты на галоўны, цэнтральны, крыж на могілках альбо ў бок капліцы.
10. Хрысціянскі абавязак, наведваючы магілкі родных, прыносіць асвечаную ваду, якой пасвячаем знакам Крыжа Святога магілу, молімся "Анёл Панскі"
11. Ніколі не пакідаем на магіле хлеб і розную ежу, цукеркі, лепш раздайце іх дзецям і бедным. Памерлыя не ядуць хлеб ці іншую ежу, не пюць гарэлку ігд.  

Паводле У. Завальнюк, Магутны Божа. Спеўнік парафіяльны. Том ІІ, Мінск 2005, с. 11-22.