Малітвы падчас пахавання дарослага




У  ДОМЕ  ПАМЕРЛАГА
У  тым  доме,  дзе  ляжыць  цела  памерлага,  трэба  перад пахаваннем  падрыхтаваць  крыж,  а,  калі  ёсць  магчымасць,  таксама  і  харугвы.
Святар  робіць  знак  крыжа  і  звяртаецца  да  прысутных са  словамі  суцяшэння,  карыстаючыся  тэкстамі  Святога Пісання.
Святар: У імя Айца, і Сына, і Духа Святога.
Усе: Амэн.
Святар:  Любоў  Бога  Айца,  Які  ўваскрасіў  з памерлых  Езуса  Хрыста  і  вярнуў  да  жыцця наша смяротнае цела сілай Свайго Духа, няхай напоўніць вас спакоем і застанецца з вамі.
Усе: І з духам тваім.
Зважаючы  на  абставіны, святар  выказвае  словы спачуванне  родным  і  блізкім  памерлага ,  заахвочвае  ўсіх да  малітвы .
Мы сабраліся, каб развітацца з нашым братам  (нашай  сястрой)  N.  Смерць  яго  (яе)  напоўніла  болем  вашыя  сэрцы.  Мы  ўсе  выказваем шчырае спачуванне родным і блізкім, хочам быць з вамі ў цяжкую для вас хвіліну. Мы, хрысціяне, верым,  што  смерць    гэта  пачатак  новага, лепшага жыцця, а наша развітанне з памерлымі – часовае. Верым, што сустрэнемся з N. зноў
у доме нашага Айца Нябеснага.
Святар акрапляе цела  памерлага  асвечанай вадой. Спяваецца Псалм 130.

Рэфрэн: Бог міласэрны дае адкупленне.

Псальм130(129)
З глыбіні я клічу
Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў (Мц 1, 21)
З глыбіняў шлю да Цябе голас, Пане, *
Выслухай маю, Божа, просьбу.
Схілі Сваё вуха *
на голас маёй малітвы.
Калі зберажэш памяць аб граху, Пане, *
Божа, хто ж збаўлены будзе?
Але Ты нам даеш дараванне, *
каб Табе ўсе мы служылі.
Надзея мая на Пана, †
душа мая ўскладае надзею на Яго Слова, *
душа мая чакае Бога.
Больш, як варта світанку, *
няхай Ізраіль Пана чакае.
Бо толькі ў Пану ласка, *
у Яго шчодрае збаўленне,
Ён пазбавіць Ізраіль *
ад усіх грахоў ягоных.
Хвала Айцу, і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер, і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Рэфрэн: Бог міласэрны дае адкупленне.

Святар: Даручаючы  міласэрнасці  Божай  душу  N. , памолімся  ўсе  разам,  як  навучыў  нас наш Пан Езус Хрыстус: “Ойча наш…”

Малітва за памерлага
Усемагутны Божа, з пакораю даручаем Табе нашага  брата  (нашу  сястру)  N.,  якога  (якую) Ты адарыў вялікай любоўю ва ўсім жыцці часовым, пакорна просім Цябе,  збаў яго (яе)  ад усялякага зла і адары вечным спакоем.
Для  нашага  брата  (нашай  сястры)  N.  прайшло жыццё часовае, просім Цябе, Міласэрны Божа,  прымі яго (яе) да  Твайго Валадарства, дзе не будзе смутку,  ані  наракання і  пакут,  а толькі спакой і радасць з Тваім Сынам і Духам Святым на векі вечныя. Амэн.

Альбо:
 Святы Ойча, Усемагутны, Вечны Божа, пакорна Цябе просім, прывядзі ласкава да месца радасці,  святла  і  спакою  Твайго  слугу  (Тваю слугу) N.,  якога (якую) з гэтага  свету да Сябе Ты паклікаў.
Няхай душа яго (яе) не пакутуе, а калі прыйдзе дзень уваскрасення і ўзнагароды, згадзіся яго  (яе),  Пане,  уваскрасіць  са  Святымі  і выбранымі, даруй яму (ёй) ўсе правіны і грахі, і  дай  яму  (ёй)  жыццё  вечнае  ў  Тваім  Валадарстве. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва за прысутных на набажэнстве
Міласэрны Ойча і Божа ўсялякага суцяшэння,  Ты  нас  атуляеш  вечнай  любоўю,  а  цемру смерці перамяняеш на заранак жыцця вечнага.
Паглядзі на Тваіх верных, братоў і сясцёр нашых апанаваных жалобай.
Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус перамог смерць і, уваскросшы, вярнуў нам жыццё.
Просім Цябе, дазволь нам так ісці да Яго, кааб мы пасля часовага жыцця на зямлі з’ядналіся ў вечнасці з нашымі братамі і сёстрамі там, дзе асушыш усе нашы слёзы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

ПРАЦЭСІЯ Ў КАСЦЁЛ (АЛЬБО  НА  МОГІЛКІ)
Падчас  працэсіі  можна спяваць Псалм 51.

Рэфрэн: Вечнае спачыванне дай яму (ёй), Пане, і святло вечнае хай яму (хай жа ёй) свеціць.

Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
Абмый цалкам мяне ад маіх правінаў *
і ачысці мяне ад граху майго.
Бо я ведаю беззаконні мае, *
і грэх мой заўжды перада мною.
Табе аднаму я зграшыў *
і зло ўчыніў перад Табою.
Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх *
і знішчы ўсе мае правіны.
Вызвалі мяне ад крыві, Божа, Божа майго збаўлення, *
язык мой няхай славіць справядлівасць Тваю.
Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.
Вярні мне радасць збаўлення Твайго *
і ўмацуй мяне духам прыхільным.
Навучы няправых шляхам Тваім, *
і бязбожнікі да Цябе вернуцца.
Бо Ты не прагнеш ахвяры, *
усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца.
Пане, адкрый мае вусны, *
і яны Тваю ўславяць Веліч.
Ахвяра для Бога – дух пакорны,
сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш.
Хвала Айцу, і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер, і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Рэфрэн: Вечнае спачыванне дай яму (ёй), Пане, і святло вечнае хай яму (хай жа ёй) свеціць.

Можна  таксама маліцца на Ружанцы  альбо  іншыя  малітвы. Працэсія  можа  таксама  адбывацца  ў  ж алобным  маўчанні.  У  такім  выпадку  трэба  заахвоціць  вернікаў  да цішыні  і  ціхай  малітвы.

СТАЦЫЯ  ДРУГАЯ У КАСЦЁЛЕ (альбо  капліцы)
Труна  ставіцца на  спецыяльнае ўзвышэнне, каля труны можна паставіць пры ўзгалоўі Пасхал.
Пасля  малітвы  па  Святой  Камуніі,  а  калі  не  было Эўхарыстычнай  Ахвяры,  пасля  Літургіі  Слова,  святар  у арнаце  альбо  ў  капе  прыступае  да  абраду  апошняга развітання  з  памерлым.

Заклік да малітвы
Святар, побач з якім стаяць міністранты з асвечанай вадой  і кадзільніцай,  становіцца  недалёка  ад труны, тварам да людзей, і заклікае прысутных да малітвы.
Наш  брат  спачыў  (наша сястра  спачыла)  у спакоі з Хрыстом. З вераю і надзеяй у жыццё вечнае даручаем яго (яе) міласэрнасці Божай. Молім  Бога  за  N.,  які  (якая)  праз  Святы Хрост стаў (стала) дзіцём Божым  і  на працягу ўсяго жыцця прымаў (прымала) Цела Хрыста, цяпер ён (яна) пакліканы (паклікана) да ўрачыстасці дзяцей Божых на небе і разам з Усімі Святымі стаў (стала) уладальнікам абяцанай вечнай узнагароды.
Молімся  Пану  Богу за  нас, спавітых жалобай, каб мы разам з нашым братам (нашай сястрою) N. маглі  выйсці  насустрач Хрысту, калі Ён, Жыццё  нашае,  аб’явіцца ў славе. Няхай гэтая надзея напоўніць нашыя сэрцы і нашую малітву.
 альбо
Развітаемся  сардэчна  з  нашым  братам  (сястрой). Няхай гэтае апошняе развітанне будзе сведчаннем нашай любові, суцішыць наш боль і  ўзмоцніць  надзею,  што  ў  вечнасці  мы  з  радасцю  зноў  суст рэнем  нашага  брата  (нашу сястру)  N.  там,  дзе  смерць  пераможана  ўсеадольнай любоўю Езуса Хрыста.
Няхай гэтая надзея пранікае ў нашыя сэрцы і нашую малітву.

Ціхая  малітва
Пасля  ціхай  малітвы  пачынаецца  развітальны  спеў

Прыбудзьце з неба на малітвы голас,
Збаўлёныя, усе святыя Бога,
З аблокаў ясных сыдзіце, анёлы
З мноствам святых спяшыце на сустрэчу.
Рэфрэн: Няхай душу тваю Анёлы прымуць,
ўзнясуць яе з зямлі ў нябёс вышыні,
а спеў збаўлёных дапаможа стаць ёй
перад Абліччам Бога і Святымі.

Няхай цябе прытуліць Хрыстос любы,
паклікаў Ён у Валадарства неба,
хай на сустрэчу пры Айцоўскім Доме
насустрач выйдзе літасціва Маці.

Рэфрэн: Няхай душу тваю Анёлы прымуць,
ўзнясуць яе з зямлі ў нябёс вышыні,
а спеў збаўлёных дапаможа стаць ёй
перад Абліччам Бога і Святымі.

Праменны Хрысце, Ты наш Боскі Збаўца,
Святло адзінае, што не пагасне,
будзь для душы N. Ты вечным спачываннем,
дазволь пабачыць Веліч Тваёй Славы!

Рэфрэн: Няхай душу тваю Анёлы прымуць,
Ўзнясуць з зямлі ў нябёс вышыні,
А спеў збаўлёных дапаможа стаць ёй
Перад Абліччам Бога і Святымі.

Калі  ў  час  апошняга  развітання  немагчыма спяваць, святар чытае:
Святар: Ойча бясконца добры, давяраем Табе душу Твайго слугі (Тваёй слугі) N. і разам з ім (ёю) усклікаем да Цябе:
У рукі Твае, Пане, аддаю душу маю.

Усе: У рукі Твае, Пане, аддаю душу маю.

Святар:  Божа  мой,  Божа,  шукаю  Цябе,  і  Цябе
жадае  душа мая.  Цела  маё  смуткуе  без  Цябе,
як зямля сасмаглая ў чаканні дажджу.

Усе: У рукі Твае, Пане, аддаю душу маю.

Святар:   Праслаўляю Цябе, Божа,
за тое, што Ты мяне цудадзейна стварыў
і ведаеш усю глыбіню душы маёй,
не быў я для Цябе таямніцаю,
калі ва ўкрыцці атрымліваў цела кшталты.

Усе: У рукі Твае, Пане, аддаю душу маю.

Святар:  Буду Цябе  праслаўляць ад усяго сэрца,
Пане, бо пачуў Ты словы мае.
Буду спяваць Табе псалм сярод Анёлаў,
пакланюся Табе ў Тваёй святыні.

Усе: У рукі Твае, Пане, аддаю душу маю.

Святар: Богу Айцу, Творцу нашаму, Езусу Хрысту,  Які  з’яўляецца  нашым  уваскрашэннем, жыццём і спакоем, і Духу Святому, Жыватворцу, – пашана і слава цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.
Усе: Амэн.

Пакрапенне труны і цела памерлага
Святар,  стоячы  на  месцы,  тройчы  акрапляе  труну асвечанай вадой і гаворыць:
Усемагутны  Бог  адрадзіў  цябе  з  вады  і  Духа Святога для жыцця вечнага, няхай Ён дапоўніць справу, якую распачаў у Святым Хросце.
Калі  гэта  магчыма,  святар  насыпае  кадзіла  ў  кадзільніцу  і  гаворыць:
Тваё цела было святыняй Духа Святога, няхай
Усемагутны Бог прыме цябе да Сваёй славы.
Перад  тым,  як  адбудзецца акаджэнне  труны,  святар  запрашае прысутных да малітвы словамі:
За душу святой памяці N. памолімся разам:
Ойча наш…, Вітана будзь, Марыя…,
Вечнае спачыванне…
Падчас сумеснай малітвы,  а  святар  cтоячы  на  месцы (альбо  абыходзіць),  акаджвае  труну.
Пасля  акаджэння  святар  спявае:
Святар: Ад брам пякельных.
Усе: Выбаў душу яго (яе), Пане.
Святар: Няхай спачывае ў спакоі.
Усе: Амэн.
Святар: Пане, выслухай маю малітву.
Усе: І просьба наша няхай да Цябе дойдзе.
Святар: Пан з вамі.
Усе: І з духам тваім.

Малітва
Ойча, бясконца добры, Табе давяраем нашага брата (нашу сястру) N. і моцна верым, што разам  з  усімі,  якія  памерлі  ў Езусе  Хрысце,  ён (яна) будзе ўдзельнічаць у Яго ўваскрасенні. Мы дзякуем Табе за ўсе дабрадзействы, якімі Ты адараў Свайго слугу (Сваю слугу) ў жыцці часовым.
Божа,  міласэрна  выслухай  нашы  просьбы  і зрабі, каб брамы раю расчыніліся перад Тваім слугою (Тваёю слугою), а нам, хто застаецца на зямлі,  дай  моц,  каб  мы  падтрымлівалі  адзін аднаго  словамі  веры  аж  да  сустрэчы  ў  Езусе Хрысце і з’яднання назаўсёды з Табою і нашым братам (нашай сястрою). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

альбо:
Божа Ойча, Табе давяраем нашага брата (нашу сястру) N. і просім Цябе, Ойча, поўнага міласэрнасці: адпусці яму (ёй) грахі, якія ён (яна) зрабіў (зрабіла) з-за людской слабасці, каб, памёршы для свету, жыў (жыла) для Цябе ў радасці вечнай. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Пасля малітвы спяваюцца  Антыфоны:

Няхай Анёлы цябе да раю завядуць.
Як туды прыбудзеш, хай жа прымуць цябе
пакутнікі і цябе ўвядуць у краіну вечнага жыцця.
Хоры Анёлаў хай цябе падымуць
і з Езусам Уваскрослым май радасць вечна.

Святар спявае Вітай,  Ўладарка…” ці “Анёл Панскі”.  Калі  ж святар не ідзе на могілкі, чытаюцца адпаведныя малітвы пры магіле, благаслаўленне крыжа,  асвячэння  свечак, кветак і вянкоў.

Вітай, Ўладарка, Маці Міласэрнасці, жыцця асалода і надзея, вітай!
Да Цябе узносяць свае просьбы дзеці Евы.
Да Цябе ўздыхаем, стогнем і плачам, у слёзнай даліне.
І таму, Апякунка наша, зірні на нас міласэрным позіркам Сваіх вачэй,
а Езуса, бласлаўлёны Плод Твайго улоння, пасля выгнання тога дай нам бачыць. О Ласкавая, о Літасцівая, о Велічна Панна Марыя.

альбо:
Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі,
і зачала ад Духа Святога.
Вітай, Марыя...

Вось я, слуга Панская,
няхай мне станецца паводле Твайго слова.
Вітай, Марыя...

А Слова сталася целам
і пасялілася між намі.
Вітай, Марыя...

Вечны адпачынак дай ім, Пане,
а святло вечнае няхай ім свеціць.
Няхай адпачываюць у супакоі.
Амэн.

У Велікодны перыяд замест малітвы Анёл Панскі чытаецца малітва Уладарка неба:

Уладарка неба, усцешся, аллелюя.
Бо той, каго пад сэрцам насіла, аллелюя,
Уваскрос Ён, як прадказваў, аллелюя.
Богу за нас маліся, аллелюя.
Пасля   малітвы людзі выносяць цела памерлага.


ПРАЦЭСІЯ НА МОГІЛКІ
У  час  працэсіі  на  могілкі  святар  спявае псальмы альбо моліцца з вернікамі на ружанцы.

СТАЦЫЯ  ТРЭЦЯЯ: ПРЫ МАГІЛЕ
Калі  працэсія  падыдзе  да  магілы ,  міністрант  з крыжам  становіцца  каля  ўзгалоўя,  а  святар    насупраць крыжа.  Cвятар  чытае ці cпявае:
Я – ваша ўваскрасенні і Жыццё.* Хто верыць у Мяне, хоць бы і памёр, жыць будзе ,* а кожны, хто жыве і верыць у Мяне, жыць будзе навекі.

Пасвячэнне   магілы
святар  гаворыць:
Просім  Усемагутнага  Бога,  каб  паблаславіў магілу нашага брата (нашай сястры).

Міласэрны Божа, Ты даеш спачын душам верных, просім Цябе, паблаславі гэтую магілу і вызвалі  ад  усіх  грахоў  душу  N.,  цела  якога (якой) тут складаем, каб ён мог (яна магла) разам са  Святымі  бясконца  радавацца  ў  Табе.  Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

альбо:
Божа, Ты даў натхненне справядліваму Юзафу з Арыматэі, каб ён пахаваў Цела Збаўцы нашага Езуса Хрыста ў новай  пахавальні.  Пакорна просім  Цябе, каб Ты з дабрыні  Сваёй паблаславіў магілу, якую мы падрыхтавалі нашаму памерламу брату (нашай памерлай сястры). Мы апусцім яго (яе) цела ў магілу, Ты, Божа, прымі  яго  (яе)  душу  на  неба.  Праз  Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Святар  акрапляе  магілу  асвечанай  вадой.

Ціхая  малітва
Святар  заклікае  прысутных  да  ціхай  малітвы.
Выконваючы хрысціянскі абавязак пахавання цела людскога, пакорна просім Пана Бога, для  Якога  ўсё  жыве,  каб  цела  нашага  брата (нашай  сястры)  N.  уваскрасіў  у  хвале  і  паклікаў яго (яе) да супольнасці Святых. Просім
аб гэтым у ціхай малітве.
Усе моляцца  нейкі  час  у  цішыні.

Калі  не  было  набажэнства  ў  касцёле  ці  капліцы, пасля  кароткага  маўчання  святар  гаворыць:
Цяпер прашу ўважліва выслухаць Слова Божае.

Чытанне                                                                     Рым. 6, 3–4. 8–9
Калі  мы  памерлі  з  Хрыстом,  то  з  Ім  і  жыць  будзем
Чытанне з Паслання
святога Апостала Паўла да Рымлянаў
Браты! Няўжо вы не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езусе Хрысце, акунуліся ў Яго смерць? Дык вось праз хрост, якое акунае нас у Яго смерць, мы былі разам з Ім пахаваныя для таго, каб і мы ўступілі ў новае жыццё, як Хрыстос уваскрос дзякуючы славе Айца.
Вось жа, калі мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім і жыць будзем, ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы, ужо больш не памірае, смерць над Ім ужо не мае ўлады.
Гэта Слова Божае.

Евангелле                                                                            Лк 23, 33. 39–43
Сёння са Мною ты будзеш у раі

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
 І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Хрыста і злачынцаў,
аднаго з правага, другога з левага боку. Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства».
І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
Гэта Слова Пана.

Калі ёсць патрэба, прамаўляецца гамілія. Пасля  павучальных  слоў  (святар  можа  дазволіць адкрыць  труну  для  развітання),  святар  чытае  з вернікамі  адну  з  малітваў.

Малітвы - просьбы

І варыянт
Наш Пан, Езус Хрыстус сказаў: «Я – Уваскрасенне і Жыццё, хто верыць у Мяне, не памрэ навекі». Узмоцненыя гэтай верай, памолімся разам да
Збаўцы за нашага брата (нашу сястру) N.

Езу Хрысце, Ты суцяшаў людзей, якія плакалі над памерлым Лазарам, суцеш тых, хто плача над памерлым(-ай) N.
У: Выслухай нас, Пане.
Езу Хрысце, Ты ўваскрашаў памерлых да жыцця, адары нашага брата (нашу сястру) N. жыццём вечным.
У: Выслухай нас, Пане.
Езу Хрысце, Ты абяцаў збаўленне пакутнікам, увядзі нашага брата (нашу сястру) N. на неба. Цябе просім.
У: Выслухай нас, Пане.
Езу, Ты абмыў нашага брата (нашу сястру) N.  вадою Святога Хросту (і ў Сакраманце  Канфірмацыі)  адарыў  яго  (яе) Духам Святым, прымі яго (яе) да супольнасці Сваіх выбраных.
У: Выслухай нас, Пане.
Езу Хрысце, Ты ўзмацняў нашага брата (нашу  сястру)  N.  Найсвяцейшым  Целам  і Крывёю Сваёй, дазволь яму (ёй) удзельнічаць у вечнай радасці Твайго Валадарства.
У: Выслухай нас, Пане.

За святара
Езу Хрысце, Ты дазволіў Свайму слузе N. складаць  Эўхарыстычную  Ахвяру,  зрабі  так, каб ён славіў Цябе навекі.
У: Выслухай нас, Пане.

Езу Хрысце, Ты бачыш, што мы пакутуем з-за  смерці нашага брата  (нашай  сястры)  N., дай нам суцяшэнне і ўзмацні ў нас надзею на жыццё вечнае.
У: Выслухай нас, Пане.

ІІ варыянт
Молімся, браты наймілейшыя, за ўсіх, хто адышоў з гэтага свету ў веры і спіць на гэтых могілках сном спакою.
Святар: Kyrie, eleison.
Усе: Christe, eleison. Kyrie, eleison.
Святар:  Каб  Ты  ім,  Божа,  усе  грахі  дараваць меў ласку. Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.
Святар: Каб іх радасцю жыцця вечнага адарыць меў ласку. Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.     

Молімся таксама за ўсіх, каго гэтая смерць напоўніла болем і смуткам.
Святар: Kyrie, eleison.
Усе: Christe, eleison. Kyrie, eleison.
Святар: Каб тых, якія плачуць, Ты суцешыць меў ласку. Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.
Святар: Каб засмучаным сілу даць меў ласку. Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.
Святар:  Каб  быць  апорай  і  сілай  для  расчараваных меў ласку. Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.

Молімся таксама і за ўсіх, хто жыве, і асабліва за тых сярод нас, каго Усявышні першым пакліча на Свой Суд.
Святар: Kyrie, eleison.
Усе: Christe, eleison. Kyrie, eleison.
Святар: Каб нас саміх у Тваёй службе святой узмацніць і зберагчы меў ласку.
Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.
Святар: Каб сэрцы нашы імкненнем да неба напоўніць меў ласку. Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.
Святар:  Каб  дазволіў  нам  да  канца  жыцця быць у ласцы Тваёй. Цябе просім.
Усе: Выслухай нас, Пане.

Святар  гаворыць:
З’яднаныя з усімі вернікамі, якія раней за нас адышлі да вечнай Айчыны, молімся, як нас навучыў Езус Хрыстус: Ойча наш…

Святар: Усемагутны,  Вечны  Божа,  Ты  даеш  людзям жыццё  і  ўваскрасенне, †  выслухай  просьбы, якія мы, грэшныя, з болем узносім за Твайго (Тваю) слугу N.,* вызвалі яго (яе) ад путаў смерці і адары яго (яе) ўдзелам у Нябеснай радасці са Сваімі святымі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Альбо:
Усемагутны, Вечны Божа, Ты праз смерць крыжовую  Свайго  Cына,  Езуса  Хрыста,  перамог смерць нашу, а праз Яго хвалебнае ўваскрасенне вярнуў нам жыццё неўміручае, † выслухай нашы просьбы за Твайго слугу, які памёр(Тваю слугу, якая памерла)N. у Езусе Хрысце і з даверам  чакае  ўваскрасення,*  зрабі,  каб  N.,  які (якая) на зямлі пазнаў (пазнала) Цябе праз веру,  безупынна  ўслаўляў  (ўслаўляла)  Цябе  на небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Альбо:
Усемагутны, Вечны Божа, Які валадарыш  над жывымі  і памерлымі  і Які адараеш міласэрнасцю ўсіх, хто, дзякуючы сваёй веры і добрым  учынкам,  павінен  належаць  Табе. Пакорна Цябе просім, каб тыя, за каго мы молімся – ці яшчэ жывуць яны на гэтым свеце, ці перайшлі ўжо ў вечнасць, – праз заступніцтва ўсіх Святых Тваіх атрымалі з ласкі Тваёй адпушчэнне  ўсіх  сваіх  грахоў.  Праз  Хрыста, Пана нашага.
Усе:  Амэн.

Развітанне  родзічаў  з  нябожчыкам
Калі  ёсць  такі  звычай,  родзічы  нябожчыка  могуць сказаць  словы  развітання. калі  ўсе  блізкія  развіталіся з памерлым, труну закрываюць.
Святар,  падае знак,  каб  закрывалі  труну,  акрапляе  яе  свянцонай  вадой  знакам  крыжа  і  гаворыць:
Няхай Усемагутны Бог дасць табе піць
з крыніцы вады жыцця вечнага.
Потым  святар  сыпле  на  труну  крыху  зямлі  знакам крыжа і прамаўляе:
Прахам з’яўляешся і прахам станеш,
але Пан Бог уваскрасіць цябе
ў дзень апошні . Адпачывай у спакоі.

Пахаванне  памерлага
Святар  гаворыць:
Апусцім  цела  нашага  брата  (нашай  сястры) ў магілу. Езус Хрыстус уваскрос першы з памерлых, і Ён адновіць нашае смяротнае цела падобна Свайму Хвалебнаму Целу, верым, што ўваскрасіць нашага брата  (нашу сястру)  N.,  калі прыйдзе  ў Сваёй славе.

Святар:  Справядлівыя  застануцца  ў  памяці вечнай.
Усе: Ніякія весткі іх не ўстрывожаць.

Божа, Ты прабачаеш і збаўляеш род людскі, просім Веліч Тваю: зрабі, каб усе вернікі,  якія  адышлі  з  гэтага  свету,  з  дапамогаю Найсвяцейшай  Марыі, Панны,  і ўсіх Святых Тваіх, атрымалі ўдзел у вечнай радасці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

калі засыпаюць магілу,  спяваецца: “Вітай, Ўладарка...  ” альбо   “Анёл Гасподні...”, чытаецца Літанія да Міласэрнасці Божай, іншыя песні і малітвы адпаведнага характару.  

Асвячэнне  надмагільнага  крыжа
Просім нашага Збаўцу, каб Ён паблаславіў крыж,
які ставім на магіле Яго слугі N.
Пане, Езу Хрысце, Ты ўласнай смерцю перамог смерць нашу, а праз Cваё Уваскрасенне вярнуў нам жыццё, паблаславі   гэты крыж, які мы ставім на хрысціянскай магіле, * а цела, пахаванае пад ім, уваскрасі да жыцця
ў славе вечнай. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Святар  акрапляе  крыж  асвечанай  вадой.

Асвячэнне  кветак, вянкоў  і  свечак  на  магіле
Просім Езуса Хрыста паблаславіць гэтыя кветкі і свечкі, якія ўскладаем
на  магілу  памерлага  (памерлай)N., як сімвал нашай адданай любові, удзячнасці і памяці.
Просім таксама  Збаўцу,  Які  на  крыжы  ахвяраваў Сябе Айцу дзеля збаўлення ўсіх людзей, каб Ён прыняў нашы малітвы за дарагога нам памерлага (дарагую нам памерлую) і ўзмацніў нашу веру ў жыццё вечнае.

Малітва
Езу Хрысце, Ты суцяшаў людзей, якія аплаквалі смерць сваіх блізкіх, і абяцаў, што кожны, хто верыць у Цябе, хоць бы і памёр, жыць будзе. Паглядзі на тых, хто моліцца за душу N., які адышоў (якая адышла) (якія адышлі) у вечнасць.
Паблаславі гэтыя вянкі і кветкі,  якія складаем на яго  (яе)  магіле,  як  сімвал  нашага  яднання  ў любові і ўдзячнасці за дабро, якое ён выконваў
(яна выконвала) на зямлі.
Паблаславі таксама гэтыя знічы і свечкі, якія мы запалілі, як сімвал нашай малітвы і просьбы аб дапушчэнні яго (яе) да святла вечнага. Зрабі, каб гэтыя кветкі і палымнеючае святло напаміналі ўсім, хто наведае яго (яе) магілу, аб
тым,  што  мы  верым  у  спатканне  з  ім  (ёю)  у радасці  і  святле  вечным.  Які  жывеш  і  валадарыш на вякі вечныя. Амэн.


Потым  святар  акрапляе  асвечанай  вадой  магілу,  свечкі, вянкі  і  кветкі. 

Малітва  за  памерлага

За  біскупа  дыяцэзіі.
Усемагутны  Божа,  зрабі,  каб  наш  біскуп  N., якому  Ты  даў у  апеку Касцёл  N.,    прыйшоў у  радасці  да  свайго  Настаўніка  *  і  атрымаў узнагароду за апостальскую працу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  біскупа.
Усемагутны Божа, Ты адарыў біскупскай годнасцю Свайго слугу N.  і даў яму ўдзел у святарстве Апосталаў,  * далучы яго навекі да іх супольнасці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  святара.
Усемагутны Божа, у сваёй дабрыні выслухай нашы просьбы аб збаўленні слугі Твайго, святара N., які прапаведаваў імя Тваё братам,* і дай яму вечную радасць у супольнасці Святых. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  дыякана.
Міласэрны  Божа,  Ты  паклікаў  дыякана  N. каб ён служыў Твайму Касцёлу, * дай яму ўдзел у шчасці вечным. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 За  законнікаў.
Усемагутны  Божа,  памерлы  брат  (памерлая сястра)  N.  імкнуўся (імкнулася)  да  Цябе  дарогай дасканалага прыкладу Хрыста, Якога любіў (любіла), † зрабі, каб ён радаваўся (яна радавалася), калі аб’явішся ў хвале і разам са сваімі братамі (сёстрамі) удзельнічаў (ўдзельнічала) ў радасці вечнай. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  памерлых.
Божа, Ойча Ўсемагутны, таямніца Крыжа з’яўляецца  нашай  сілаю,  а  Ўваскрашэнне  Сына Твайго асновай нашай надзеі, † выбаў Твайго памерлага  (Тваю  памерлую)  слугу  N.  з  путаў смерці * і прымі яго (яе) ў  супольнасць збаўленых. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  маладых  людзей.
Божа  Міласэрны,  Ты  кіруеш  плынню  людзкога жыцця, Ты бачыш наш боль з-за смерці нашага брата N., які (нашай сястры N., якая) так мала жыў (жыла) на зямлі, пакорна даручаем яго (яе)  Табе,  каб сярод  шчасця  Твайго дома  ён  радаваўся  (яна  радавалася)  вечнаю маладосцю. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  раптоўна  памерлага.
Усемагутны  Божа,  праяві  Сваю  бязмежную літасць  да  нашага  брата  N.,  якога(нашай  сястры  N.,  якую)  раптоўная  смерць  вырвала  з нашай часовай супольнасці, спавіўшы нас жалобай, * і прымі яго (яе) да Сваёй славы.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  бацькоў.
Міласэрны  Божа,  Ты  загадаў  нам  шанаваць бацьку  і маці,    змілуйся  над  бацькам  і  маці (нашымі бацькамі), даруй ім грахі і ўзнагародзь
іх  працу,  а  нам  дазволь  бачыць  іх  у  радасці святла вечнага. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За  бацьку  альбо  маці  святара.
Усемагутны Божа, Ты загадаў нам шанаваць бацьку  і  маці,    змілуйся  над  маім  бацькам (маёй маці),  даруй  яму (ёй)  грахі і  ўзнагародзь яго (яе) працу, * а мне дазволь бачыць яго (яе) ў радасці святла вечнага. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Бласлаўленне

Святар: Няхай вас блаславіць Бог, Айцец усялякага суцяшэння, Які стварыў чалавека і даў верным надзею на ўваскрашэнне.
Усе: Амэн.
Святар: Няхай Бог Усемагутны адпусціць грахі жывым,  а  ўсіх  памерлых  адорыць  святлом  і спакоем.
Усе: Амэн.
Святар: Няхай Добры і Міласэрны Бог адорыць нас жыцьцём вечным з Хрыстом, Які сапраўды ўваскрос.
Усе: Амэн.
Святар: Няхай вас блаславіць Бог Усемагутны,
Айцец, і Сын, і Дух Святы.
Усе: Амэн.
Святар: Трывайце ў супакоі Хрыста.
Усе: Дзякуем Пану Богу.

Апрацавана  на падставе:
Літургічная Агенда, Мінск 2010.
Малітоўнік "Ойча наш", Мінск, 2009.
Абрад пахавання, Мінск 2010.
http://catholic.by/2/libr/bible.html.